Для падарожжа па Шчучыншчыне патрэбны цэлы тыдзень, аднак у карэспандэнта агентства «Мiнск-Навiны» толькi адзiн дзень, затое якi насычаны. Пабачылi ўнікальны сонечны гадзіннік, некалькi храмаў i палацаў, а яшчэ наведалi клуб-музей заснавальнiка «славянскага» рока Чэслава Немэна. Мураванка Так
Для падарожжа па Шчучыншчыне патрэбны цэлы тыдзень, аднак у карэспандэнта агентства «Мiнск-Навiны» толькi адзiн дзень, затое якi насычаны.
Пабачылi ўнікальны сонечны гадзіннік, некалькi храмаў i палацаў, а яшчэ наведалi клуб-музей заснавальнiка «славянскага» рока Чэслава Немэна.
Мураванка
Так называюць у народзе царкву Раства Прасвятой Багародзіцы. Гэты храм-крэпасць у вёсцы Мураванка пабудаваны яшчэ ў XVI стагоддзі. Хто яго ўзвёў, дакладна невядома, але ёсць звесткі, што майстры былі не толькі мясцовыя, але і з Італіі, расказаў наш гiд гiсторык Яраш Малішэўскі.
Тут ёсць усё, што ўласціва храму абарончага тыпу: падземныя хады, падвалы, тоўстыя сцены (2 м!) і моцныя дзверы. Падчас баявых дзеянняў у ім хаваліся мясцовыя жыхары, а з байніц можна было весці агонь па ворагу.
Царква за 500 гадоў свайго існавання перажыла не адну вайну. Падчас Паўночнай была моцна разбураная. У сярэдзiне XIX стагоддзя храм часткова рэканструявалі. У савецкі час зачынiлі. Зараз ён дзеючы i прэтэндуе на званне аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Зверым гадзіннікi
Наступны прыпынак — вёска Iшчална, вядомая з XV стагоддзя. Да 1939-га мела статус мястэчка. Тут знаходзіцца знакамiты Траецкі касцёл — помнік сармацкага барока (1758). На першы погляд ён здаецца вельмі строгім. Гавораць, што ўсё змяняецца, ледзь пераступаеш парог храма. Але касцёл быў зачынены… На яго тэрыторыi ёсць унікальны сонечны гадзіннік, дзе пазначаныя таксама каардынаты гэтай вёскі.
Палац з прывiдамi
Колькi каштоўнасцей схавана ў маленькім жолудзе! Гэта я пра гарадскi пасёлак Жалудок, назва якога паходзіць ад мясцовай ракі Жлудзянкі — правага прытока Нёмана. Уздоўж яе берагоў раслi дубы, таму восенню ўся зямля была ўсыпана жалудамі.
Доўгі час Жалудок належаў графам Тызенгаўзам. У падзямеллі касцёла, папярэдніка цяперашняга каталіцкага храма Ушэсця Дзевы Марыі, быў пахаваны самы вядомы прадстаўнік гэтай фаміліі — рэфарматар Рэчы Паспалітай Антоній Тызенгаўз.
— Жалудок — гэта радзіма Валерыя Антонія Урублеўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага, героя Беларусi, Польшчы i Францыi, — распавёў Яраш Малішэўскі. — Двойчы ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання і двойчы здолеў яго пазбегнуць. Памёр і пахаваны ў Парыжы. Развітваліся з ім парыжане пад гукі «Марсельезы».
У 2011-м, да 175-годдзя з дня нараджэння Урублеўскага, у пасёлку быў усталяваны памятны знак у скверы на вуліцы, якая носіць яго імя.
На ўскраіне Жалудка ў пачатку ХХ стагоддзя малады князь Людвіг Святаполк-Чацвярцінскі заклаў сядзiбу. Над яе праектам працаваў выдатны варшаўскі архітэктар Уладзіслаў Марконі. Дом падобны да элегантнага палаца, у якім зліліся водгаласы французскага класіцызму і мелодыі барока.
Фашысты захвацiлi Жалудок праз тры днi пасля пачатку Вялiкай Айчыннай.
Людвіг Святаполк-Чацвярцінскі памёр у Асвенцыме, а пасёлак акупанты амаль цалкам спалілі, толькі сядзібу пакінулі — тут быў шпіталь. У 1960-я на гэтым месцы размяшчалася ваенная частка. Што было ў будынку з 1983-га па 1991-ы, загадка. Меркаванні мясцовых жыхароў розняцца: адны кажуць, што вытворчасць ваеннай оптыкі, іншыя — сховішча для ракет.
Сёння пустуючая сядзіба стаіць сярод магутных дрэў старажытнага парку, нiбыта замак Спячай прыгажуні. Апошнія 20 гадоў тут здымалі музычныя кліпы і кіно, напрыклад першы беларускі містычны трылер паводле старадаўніх легенд «Масакра». У 2014-м сядзібу выкупілі ў прыватную ўласнасць, праўда, потым канфіскавалі і зноў выставілі на аўкцыён.
Сёння адзiн з найпрыгажэйшых некалі палацаў Беларусі разбураецца проста на вачах. Ад былога хараства засталіся толькі ўспаміны. Але нават у такім выглядзе сядзіба прываблівае турыстаў і аматараў фотасесій.
У густых зарасніках схаваўся паўразбураны флігель. Да яго пратапталі-прасеклі сцяжынку. Зазірнула ўнутр: з цемры пахне вільгаццю і забыццём.
А ў парку каля Дрэва кахання я заўважыла анёла. Белая фігурка з фанеры ўсяляе надзею, што аднойчы надыдуць светлыя часы i для гэтай сядзібы…
Сустрэнемся ў Біг-Бэна
Нарэшце мы апынулiся ў Шчучыне. На галоўнай плошчы — Свабоды — помнiк Леніну, будынак гарадской адміністрацыі i мясцовы Біг-Бэн, а вакол дамы XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Раней на месцы Ільіча знаходзілася драўляная ратуша. На жаль, яе не аднавілі, як гадзіннікавую вежу. Цагляную капліцу пабудавалі тут больш чым 100 гадоў таму. Яна павінна была абараняць горад, у тыя часы пераважна драўляны, ад пажараў. Па афіцыйнай версіі, паступова пабудова трухлела і ў 1960-я яе вырашылi знесці. У 2017 годзе адзін з сімвалаў горада аднавілі. Мясцовыя жыхары жартам празвалi вежу Біг-Бэнам.
А пабудаваны ў стылі класіцызму касцёл Святой Тэрэзы нагадвае аб знаходжанні ў Шчучыне піяраў (не блытаць з сённяшнімі PR-спецыялістамі). Прадстаўнiкi гэтага каталiцкага манашаскага ордэна з ХVI стагоддзя сталі рэфарматарамі сістэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай. У 1718-м у Шчучыне быў заснаваны манастыр піяраў, пры якім адкрылі школу, або калегію. З часам яна стала адной з найбуйнейшых сярод ёй падобных у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Тут вучыліся многія вядомыя людзі, напрыклад Ігнат Дамейка, выдатны геолаг, географ і этнолаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэта.
— Раней на гэтым месцы стаяў драўляны храм, — расказаў яшчэ адну легенду спадар Яраш. — У мясцовага князя цяжка захварэла любімая цешча. І ён вырашыў пабудаваць новы каменны храм у гонар Святой Тэрэзы. Цешча ачуняла і пражыла яшчэ некалькі гадоў.
Праз дарогу ад касцёла — царква Святога Міхаіла ў псеўдарускім стылі, так званая мураўёўка. Такія паўсюдна будавалі на нашых землях пры графе Міхаіле Мураўёве пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага.
Маленькі Версаль і Шарль дэ Голь
Ёсць у Шчучыне і палац. Яму пашанцавала куды больш, чым жалудоцкаму брату. Будынак у стылі неакласіцызму ўзвёў віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Гэта своеасаблівая рэмінісцэнцыя палаца Малы Трыанон, створанага ў 1768 годзе Жакам-Анж Габрыэлем у Версалі. I зусім невыпадковая: заказчык палаца князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі быў унукам Францішка Друцкага-Любецкага, уплывовага міністра фінансаў Каралеўства Польскага. Апошні, жывучы ў Парыжы ў 1830-я, натхніўся рэзідэнцыяй французскіх каралёў. Мабыць, гэты запал перадаўся і ўнуку, які стварыў маленькі Версаль у Шчучыне! Вакол будынка раскінуўся раскошны парк. Кажуць, там раслі нават яблыкі, прышчэпленыя на бярозе! У савецкi час у будынку размясціўся Дом афіцэраў, а парк амаль увесь вырубiлi, каб пабудаваць дамы для ваенных.
У наш час палацу вярнулі яго ранейшае элегантнае аблічча, i ён стаў Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
Здавалася б, якое дачыненне мае вядомы французскі палітык Шарль дэ Голь да беларускага Шчучына? Выявілася, што ў яго лёсе ёсць беларускі след. Знайшлі дакументы, якія сведчаць: будучы прэзідэнт Францыі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916-га пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне. У гэтым ліпені помнік яму быў усталяваны побач з цэхам завода «Аўтаправод». Менавіта ў гэтым будынку была піларама, там працаваў дэ Голь. Гэта адзіны помнік у свеце, дзе ён паўстае ў выяве маладога капітана.
Храм-карабель
Завяршылі мы сваё падарожжа ў вёсцы Старыя Васілішкі. Цяпер тут жывуць толькі каля 30 жыхароў, а да вайны было ў 10 разоў больш.
Трапіўшы сюды, з вялікім здзіўленнем адкрываеш для сябе тутэйшую святыню — касцёл Святых Пятра і Паўла. Збудаваў яго ў 1903 годзе вядомы польскі архітэктар Канстанцін Вайцяхоўскі. Храм-карабель ганарліва ідзе пад распасцёртымі ветразямі дзвюх трох’ярусных вежаў. Iх вышыня — 56 м!
Каля касцёла нас сустрэў ксёндз Збігнеў Драгула. Экскурсію пачаў з суровага пытання: «Хто з вас чытаў Святое Пісанне?» Але, убачыўшы шчырую зацікаўленасць турыстаў, прасякнуўся да нас сімпатыяй і пачаў паказваць усе скарбы храма. Ёсць тут і скульптура святога Пятра, і таемная пячора, i старажытная драўляная купель. Архітэктура, скульптура, жывапіс, разьба па дрэве, вітраж сышліся ў сваім імкненні матэрыялізаваць хрысціянскую ідэю сродкамі гатычнай эстэтыкі…
Падняліся мы і на балкон, дзе Збігнеў сыграў на аргане. Мы нават заспявалі нашу «Купалінку».
Гэты дзівосны свет
Пры ўваходзе ў касцёл устаноўлена мемарыяльная пліта з надпісам: «Чэслаў Немэн (Выджыцкі). Рад. 16.02.1939 г. у Ст. Васілішках, памёр 17.01.2004 г. у Варшаве. Вялікі артыст, знакаміты спявак, вакаліст пакаленняў, інструменталіст, кампазітар, якому Бог даў незвычайны музычны талент. 17 студзеня 2005 года. Землякі».
У Старых Васілішках у 2011-м створаны клуб-музей Чэслава Немэна ў сценах дома, дзе ён нарадзіўся. Можна дакранацца да экспанатаў, а таксама і сядзець дзе заўгодна.
Загадчык клуба-музея Уладзімір Сенюта пачаставаў нас агуркамі і памідорамі, мёдам і ягадамі. Аб Чэславе Немэне ён можа гаварыць гадзінамі як аб дарагім свайму сэрцу чалавеку. Уся сям’я будучага кампазітара добра спявала. У 4-м класе Чэслаў ужо граў на піяніна і выдатна маляваў. Мог стаць мастаком, але абраў музыку. Паслухалі мы і неўміручую кампазіцыю пра гэты дзівосны свет. Тую самую, якой адкрывалася ў 1972 годзе Алімпіяда ў Мюнхене.
Вандруйце па роднай краiне, сябры! Верасень — зручны час для такіх падарожжаў.
Даведачна
Шчучын вядомы з 1537 г. як прыватнаўласніцкае мястэчка. Зараз гэта раённы цэнтр з насельнiцтвам каля 16 тысяч чалавек.
Фота аўтара
Источник: